Народны паэт, галоўны рэдактар першай беларускай энцыклапедыі, грамадскі дзеяч — Пятрусь Броўка быў адным з тых, хто ствараў культурны ландшафт нашай краіны XX стагоддзя. Але за афіцыйным воблікам, вядомым па школьных падручніках, застаецца схаваным жывы чалавек, поўны шчырасці, гумару і цеплыні.
Часовая экспазіцыя “Пятрусь Броўка без гальштука” адкрывае невядомы шырокай публіцы бок жыцця паэта. Праз асабістыя рэчы, фотаздымкі, рукапісы і ўспаміны блізкіх выстава дазваляе ўбачыць гаспадара гэтай кватэры як асобу са сваімі звычайнымі клопатамі і радасцямі.
Мы прапануем наведвальнікам прайсці шляхам, які вёў паэта праз розныя этапы яго жыцця. Дом творчасці ў Каралішчавічах, дзе сярод цішыні, сяброўскай кампаніі і пісьменніцкіх “агародзікаў” нараджаліся лірычныя радкі. Мінскія кватэры, дзе ён працаваў над гранкамі энцыклапедыі і гасцінна прымаў сяброў. Яго любімыя курорты Кіславодск, Сочы, Дубулты, што сталі месцамі аднаўлення сіл і натхнення. Лецішча ў Ждановічах, што стала любімым творчым прытулкам для паэта, месцам адпачынку і разваг. Родныя Пуцілкавічы, дзе лірык шукаў натхненне і стала знаходзіў душэўны спакой. Расповедам пра кожнае з гэтых месцаў экспазіцыя раскрывае непаўторную і шчырую сутнасць Петруся Броўкі.
Экспанаты, прадстаўленыя на выставе, дазваляюць адчуць жывую прысутнасць паэта. За кожным прадметам стаіць гісторыя, што адлюстроўвае яго побыт, гумар, лірычнасць і жыццялюбства. Мы спадзяёмся, што, выходзячы з гэтай прасторы, вы адкрыеце для сябе Петруся Броўку па-новаму: не толькі як паэта, але і як чалавека, які, як і кожны з нас, жыў, кахаў, марыў і шукаў сваё месца ў свеце.
Па выставе праводзяцца куратарскія экскурсіі па папярэднім запісе.
Замовіць экскурсію можна па тэлефоне (017) 342-09-81 ці праз Instagram @museum.brouka